Міхаіл Сычук, выхаванец Палаца дзіцячай творчасці горада Баранавічы, - пераможца Рэспубліканскага конкурсу эсэ “Адрасы роднага слова”.
Конкурс праводзіўся з кастрычніка 2022 па студзень 2023 года па ініцыятыве часопіса “Роднае слова” і газеты “Літаратура і мастацтва” пры падтрымцы выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” і Саюза пісьменнікаў Беларусі і быў скіраваны на папулярызацыю і пашырэнне кола чытачоў беларускамоўных выданняў, далучэнне школьнікаў да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, развіццё творчых здольнасцей вучнёўскай моладзі.
Творчую работу “Валянцін Таўлай: нарадзіўся ад маці, памёр за народ”, што удзельнічала ў конкурсе ў намінацыі “Літаратурны партрэт малой радзімы”, высока ацаніла кампетэнтнае журы.
І таму сёння, 24 лютага, у сталічным Доме літаратара адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, прымеркаванае да Дня роднай мовы. Міхаіл і яго настаўнік, педагог дадатковай адукацыі Марына Юр’еўна Клімец, атрымалі дыпломы і памятныя падарункі. Яшчэ яны сталі ўдзельнікамі прэзентацый знакамітых беларускіх выданняў: газет “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Роднае слова” і “Полымя”. А таксама ў час творчых сустрэч з вядомымі беларускамі пісьменнікамі і аўтограф-сесіі мелі магчымасць пагаварыць і задаць пытанні Віктару Шніпу і Алесю Бадаку.